ДРУКАВА́ННЕ ТКАНІ́Н,
нанясенне на тканіны ўзорыстых адна- або шматфарбавых малюнкаў. Робіцца цыліндрычнымі друкарскімі машынамі, сеткаватымі шаблонамі, спосабам аэраграфіі (распыленне сціснутым паветрам) і ўручную.
Перад друкаваннем тканіну прамываюць, адварваюць, адбельваюць, хларыруюць і інш. Пасля нанясення фарбы яе сушаць і апрацоўваюць у вільготным асяроддзі пры высокай т-ры, паўторна прамываюць. Для Д.т. выкарыстоўваюць актыўныя, кубавыя, кіслотныя, дысперсныя і інш. фарбавальнікі, а таксама розныя згушчальнікі фарбаў. Ручным або аэраграфічным спосабамі друкуюць паштучныя або індывідуальныя высокамаст. вырабы, друкарскімі машынамі і сеткаватымі шаблонамі — тканіны масавага асартыменту.
т. 6, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)